У арт-прасторы Мастацкай галерэі

Штогод 25 студзеня адзначаецца Таццянін дзень, які яшчэ лічыцца і студэнцкім святам. У Мастацкай галэрэі адбылася прэзентацыя вынікаў праекта «У арт-прасторы Мастацкай галерэі». Праект ажыццявіўся дзякуючы агульным намаганням Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і Мастацкай галерэі.

На працягу месяца студэнты другога курса пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры архітэктуры і дызайну Андрэя Анатольевіча Піскуна працавалі ў залах Мастацкай галерэі, ствараючы копіі жывапісных твораў, якія размешчаны ў пастаяннай экспазіцыі.

Капіраванне твораў жывапісу — даўні спосаб вывучэння мастацкіх прыёмаў і тэхнік. Пры капіраванні з арыгінала, а не з рэпрадукцыі, працэс малявання цікавей і вынік больш уражлівы. Мастак у музеі малюе асцярожна, каб не парушыць устаноўлены парадак. Самы дзейсны і просты спосаб капіравання — вызначэнне суадносін памераў і колераў шляхам параўнання аднаго з іншым. Падчас працы развіваецца вакамер, пачуццё прапорцый і суразмернасці, цвёрдасць рукі, што дазваляе ўдасканаліць творчыя здольнасці.

На прэзентацыі праекта прысутнічала загадчык кафедры архітэктуры і дызайну Алена Генадзьеўна Крамнёва. Па выніках праекта ў малой зале Мастацкай галерэі адкрыта выстава копій, створаных студэнтамі.

1146