Прэзентацыя кнігі Ксеніі Шталенковай «Пабудзіць прынцэсу»

11 лютага ў музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя кнігі Ксеніі Шталенковай “Пабудзіць прынцэсу”. Аўтарка ўмее здзіўляць свайго чытача і гледача, у яе творчым даробку раман для падлеткаў, дэтэктыў, некалькі п’ес, адна з якіх ужо ўвасоблена на сцэне артыстамі Беларускага маладзёжнага тэатра.

У новай кнізе яна ізноў выступае як драматург, “Пабудзіць прынцэсу” – гэта п’еса-казка, якая дазваляе дзецям і дарослым перажыць неверагодныя падарожжы. Падчас імпрэзы Ксенія Шталенкова распавяла пра асноўных герояў казкі і іх прататыпаў, як развіваўся сюжэт, хто дапамагаў ёй і героям прайсці праз казачныя выпрабаванні.

Было вельмі цікава ўбачыць ілюстрацыі да кнігі, аўтарам якіх стала Марына Анішчык, і пазнаёміцца з рэдактарам Таццянай Лапцёнак. Артысты Народнага студэнцкага тэатра “Жывое слова” разам з кіраўнікамі Алесем Мойскім і Алесяй Сівохінай зладзілі чытку некаторых сцэн п’есы і выклікалі бурныя апладысменты гасцей імпрэзы.

1024