
3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка жывапісу "Рамонкава-васільковая Беларусь" самадзейнага мастака Аркадзя Сокала.
Сокал Аркадзь Мяфодзьевіч нарадзіўся ў в. Мяляхавічы Дзятлаўскага раёна. Маляваў з дзяцінства. Спачатку гэта былі малюнкі вуглём на белай печцы, затым, у школьныя гады, агітацыйныя плакаты, аб’явы, насценгазеты. Пасля школы працаваў у мастацкай майстэрні ў Баранавічах. Затым была армія. Служыў Аркадзь Мяфодзьевіч у складзе групы савецкіх войск у Германіі. Пасля арміі вярнуўся ў родныя мясціны, дзе яму прапанавалі пасаду ваенрука ў мясцовай школе. З той пары пачаўся адлік педагагічнага стажу Аркадзя Сокала, які склаў 39 гадоў і завяршыўся на пасадзе дырэктара Дварэцкай сярэдняй школы.
Па-сапраўднаму талент Аркадзя Мяфодзьевіча раскрыўся пасля выхаду на пенсію. Любімымі вобразамі сталі родныя мясціны і краявіды Дзятлаўскага краю. У кожнай карціне свая гісторыя.
Акрамя жывапісу Аркадзь Сокал займаецца піраграфіяй і разьбой па дрэве. Работы ў тэхніцы піраграфіі яшчэ і падфарбоўваюцца каляровымі алоўкамі, а затым ледзь адцененыя работы мастак пакрывае лакам.